Месэдж беларускай мовы – я цябе кахаю. Расейскай – я цябе падманваю
16.01.2015
Бізнесоўцы, што працуюць па-беларуску, распавялі чаму яны лічаць родную мову значнай канкурэнтнай перавагай.
«25% спажыўцоў гатовыя даплаціць за тавар ці паслугу па-беларуску»
Усё больш беларускіх бізнесоўцаў пераконваюцца – беларуская мова выклікае давер у пакупнікоў, чыноўнікаў і нават падаткавай, і нясе толькі прыбытак бізнесу. Абмеркаванню таго, як заахвоціць усё больш кампаній пераходзіць на родную мову, быў прысвечаны круглы стол ««Як выкарыстанне беларускай мовы можа дапамагчы ў бізнесе», арганізаваны Асацыяцыяй еўрапейскага бізнесу.
Аляксей Нарэйка, дырэктар перакладчыцкай кампаніі «Праўны пераклад», сам размаўляе і вядзе свой бізнес на роднай мове. І кажа, што пакуль што беларуская мова прынесла справе толькі прыбытак.
«Беларуская мова – гэта даход матэрыяльны і маральны, цяпер і ў доўгачасовай перспектыве, – кажа Аляксей. – Сацыялагічныя апытанні паказваюць, што большая частка грамадства добра ставіцца да таго, каб іх абслугоўвалі па-беларуску. А 25% гатовыя нават даплаціць больш за тавар ці паслугу па-беларуску».
Беларуская мова сама піярыць твой бізнес
Дырэктар «Праўнага перакладу» на ўласным досведзе пераканаўся, што беларуская мова выклікае давер і дапамагае вылучыцца.
«Пакупнікі тады не думаюць, што ты іх падманваеш. Чыноўнікі просяць прабачэння за тое, што самі не размаўляць па-беларуску. Нават падаткавікі як чуюць родную мову, не падазраюць нас у злачынстве, бо гэта ўздзейнічае псіхалагічна – ты свой, блізкі, беларус. Але таксама і ў вачах замежнікаў беларуская мова заўсёды падвышала мой статус – яны прызнавалі мову прыгожай, і пачыналі цікавіцца мной», – кажа Аляксей.
Сёння, калі ты пачынаеш весці бізнес па-беларуску, пра цябе адразу даведаюцца – беларуская мова сама піярыць твой бізнес, зазначае Аляксей Нарэйка. З гэтым пагаджаецца Зміцер Курловіч, прадстаўнік кампаніі «Velcom».
«Толькі зрабі рэкламны ролік па-беларуску, і ён адразу цалкам бясплатна пойдзе па ўсіх медыях», – зазначае спадар Зміцер.
Наша мова гучыць як каханне, жарсць, секс
Аляксей Нарэйка на падставе дадзеных з навуковых даследаванняў сцвярджае, беларуская мова і тое, як яна гучыць, нясе месэдж «я цябе кахаю».
«Самы часты гук у нашай мове – «а», – кажа Аляксей. – А гук «а» успрымаецца як каханне, жарсць, секс. Калі мы кажам на беларускай мове пра бізнес, на падсвядомым узроўні чалавек чуе «я цябе кахаю».
А вось расейская мова, кажа нашай падсвядомасці «я цябе падманваю», зазначыў бізнесовец.
Як перавагу беларускай мовы Аляксей называе яе яснасць і малую даўжыню словаў.
«Сярэдняя даўжыня слова ў нас – 6 знакаў. Як і ў ангельскай. У той час як у расейскай – 7 знакаў. Таму ў адной хвіліне рэкламы па-беларуску можна даць на 15% больш інфармацыі, чым па-расейску».
На думку бізнесоўца, магчымасць стаць першай зоркай дзякуючы беларускай мове была яшчэ 2 гады таму. Сёння ўжо час далучацца да тых, што гэта зразумелі і сталі зоркамі. А заўтра можна будзе сказаць: «не будзь лохам, ужо ўсе гавораць па-беларуску».
«Насельніцтва ўсё больш і больш станоўча ўспрымае беларускую мову, – кажа Аляксей. – Ну а тая пэўная частка, што яшчэ жыве галавой у савецкім таталітарным рэжыме, ну, нам трэба проста пачакаць, пакуль яны вымруць, і не будуць перашкаджаць развівацца Беларусі».
Расейцы на беларускіх таварах хочуць бачыць беларускую мову
Выключна па-беларуску працуе фірма «KARALI», што вырабляе мыла. Ейны дырэктар Сяргей Семянюк кажа, што не бачыць праблемы ў выкарыстанні роднай мовы ў бізнесе.
«Ні ў кога з нашых партнёраў не ўзнікае пытанняў, чаму мы працуем на беларускай мове. Нават у Расеі ад нас не патрабуюць перакладаць упакоўку тавару на расейскую, бо людзі хочуць бачыць, што гэта – прадукт з Беларусі, – кажа спадар Сяргей. – Адзіная праблема – нам вельмі шмат часу даводзіцца траціць на пераклад дакументаў, бо не існуе ўзораў дакументаў па-беларуску».
«Сёння толькі недальнабачны чалавек не заўважае перавагаў беларускай мовы і не імкнецца гэтыя перавагі паставіць на службу ўласнай справе», – зазначае Алесь Квіткевіч, дырэктар Prastora.by.
Другі набор на курсы беларускай мовы для бізнесоўцаў
Асацыяцыя еўрапейскага бізнесу, каб паспрыяць усё большаму распаўсюджванню беларускай мовы ў бізнесе, распачала ўжо другі набор на курсы беларускай мовы для бізнесоўцаў.
Сваймі ўражаннямі ад першых курсаў падзяліўся Мікалай Любін, супрацоўнік кампаніі «Лідэр-Інвест».
«Я прыходзіў на курсы з дзвюма мэтамі: палепшыць уласны ўзровень беларускай мовы, і знайсці дадатковы стымул, каб родную мову выкарыстоўваць не толькі як сваю размоўную, але як і элемент бізнесу. І я знайшоў і тое, і другое. І магу параіць курсы ўсім, хто мае жаданне выкарыстоўваць мову ў бізнесе. Мы цяпер будзем абавязкова пашыраць беларускасць сваёй фірмы, спадзяюся, што і супрацоўнікаў навучым размаўляць па-беларуску, бо бачу што цікаўнасць да мовы ў іх павысілася», – кажа спадар Мікалай.
Запісацца на курсы можна да 19 студзеня. Як запісвацца і іншая інфармацыя пра курсы – па спасылцы: http://www.aebbel.by/ru/novosti/~shownews/biznes-bel-2015.