Адбылося пасяджэнне грамадскага каардынацыйнага экалагічнага савета пры Мінпрыроды
28.11.2014
Намеснік Старшыні АЕБ Марына Бароўка прыняла ўдзел у пасяджэнні грамадскага каардынацыйнага экалагічнага савета пры Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, якое адбылося 27 лістапада 2014 года.
Падчас пасяджэння савета абмяркоўваліся змены ў Закон Рэспублікі Беларусь "Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях». Акрамя таго, грамадскі каардынацыйны экалагічны савет разгледзеў пытанне стварэння басейнавых саветаў і ўключэння ў іх прадстаўнікоў зацікаўленай грамадскасці.
Асацыяцыя прапанавала перагледзець норму Закона «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях», якая перадае ўсе паўнамоцтвы па каардынацыі навуковай дзейнасці на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, і раскрыць на ўзроўні закона паняцце «каардынацыя навуковай дзейнасці».
Па пытанні стварэння басейнавых саветаў Асацыяцыя прапанавала ўключаць у іх склад экалагічныя і інфармацыйныя цэнтры, створаныя Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь у рамках праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі сумесна з ПРААН, ЕС і іншымі міжнароднымі донарамі (напрыклад, цэнтры па ўстойлівым развіцці і экатурызме, а таксама Орхускі цэнтр у г. Гродна).