АЕБ пачала стварэнне публічнай справаздачы аб сваёй дзейнасці

03.01.2015

Асацыяцыя Еўрапейскага Бізнесу прыступіла да напісання публічнай справаздачы аб сваёй дзейнасці ў 2014 годзе. Улічваючы практыку вядучых грамадскіх аб'яднанняў і еўрапейскіх кампаній, мы хочам шырока заявіць аб сваёй місіі і прыцягнуць увагу кампаній, якія падзяляюць нашы мэты. Публічная справаздача - гэта адзін з інструментаў дэманстрацыі празрыстасці і адкрытасці нашай некамерцыйнай арганізацыі.

Для метадычнай дапамогі па распрацоўцы публічнай справаздачы быў запрошаны знешні эксперт - Вікторыя Калоша, якая правяла трэнінг са спецыялістамі АЕБ. На працягу дня эксперт сумесна з камандай Асацыяцыі распрацоўвалі структуру публічнай справаздачы і яе змест. Запрашэнне эксперта стала магчымым дзякуючы ўдзелу АЕБ ў "Кірмашы-2014" Біржы арганізацыйнага развіцця. Мы дзякуем за падтрымку камандзе Біржы, за магчымасці, якія прадастаўляюцца грамадскім арганізацыям, і рэкамендуем нашым калегам і партнёрам наведаць наступны Кірмаш.

Спадзяемся, што складанне падобнага публічнага дакумента аб дзейнасці Асацыяцыі Еўрапейскага Бізнесу дасць магчымасць усім зацікаўленым асобам больш даведацца аб працы АЕБ па прасоўванні і абароне інтарэсаў еўрапейскага бізнесу ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама па паляпшэнні бізнес-асяроддзя ў краіне. Публічная справаздача ў хуткім часе будзе апублікавана на сайце Асацыяцыі.