Пра ўключэнне людзей з інваліднасцю ў жыццё грамадства распавядае брашура «У чаканні інклюзіі»

03.04.2015

Убачыў свет першы нумар брашуры "У чаканні інклюзіі" з серыі "Звычайныя людзі", ў выданні якой прымае ўдзел Асацыяцыя Еўрапейскага Бізнесу ў супрацоўніцтве з Evangelisch-Freikirchliche Gemeinde Berlin-Köpenick, Förderkreis Hilfe für strahlengeschädigtebelorussische Kinder і "БелАДДІіМІ".

У выпуску распавядаецца аб інклюзіі - "уключэнні" людзей з інваліднасцю ў жыццё грамадства. Гэта азначае, што яны могуць прымаць удзел у жыцці мясцовых супольнасцяў як паўнавартасныя грамадзяне, з тымі ж правамі і абавязкамі, як і любы іншы грамадзянін: яны жывуць, працуюць, адпачываюць і пры гэтым падтрымліваюцца грамадствам. Наколькі інклюзіўна нашае грамадства і якія перашкоды ўсё яшчэ застаюцца на шляху да інклюзіі?

Як адзначыла Кацярына Сыраежкіна, кіраўнік напрамку па міжнародным супрацоўніцтве Асацыяцыі Еўрапейскага Бізнесу, "уключэнне людзей з інваліднасцю ў грамадства - гэта іх паўнавартасны ўдзел ва ўсіх сферах жыццядзейнасці, у тым ліку ў адукацыйнай і сацыяльнай. Толькі ўключанасць у грамадства надае існаванню сэнс, дазваляе жыць поўна".

Брашура адрасавана сем'ям, у якіх жывуць маладыя людзі з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця, а таксама спецыялістам, якія працуюць у сферы аказання дапамогі і падтрымкі гэтым людзям, супрацоўнікам розных дзяржаўных і грамадскіх структур.

Спампаваць брашуру "У чаканні інклюзіі" (5,32 МБ)